брама вайсковых могілак

Студзенскім ранкам 29-га выбраліся мы хай і невялічкай, але вельмі прыемнай кампаніяй цудоўна прагуляцца па Менску. Ладзілася наша экскурсія ў межах кампаніі “Будзьма” з непараўнальным Іванам Сацукевічам. О-о, гэты нястомны (і марозаўстойлівы) гісторык здольны гадзінамі распавядаць пра старажытныя назвы мінскіх вулачак, завулкаў, трактаў, што з захапленнем і рабіў. А накіраўваліся мы не самымі находжанымі тропамі да Старажоўкі. Для мяне пэўныя вулачкі і архітэктурныя адметнасці былі нечаканымі: няўжо можна было праходзіць зусім недалёка і не бачыць усяго гэтага, не ведаць, што тут ёсць? Можна сказаць, экскурсія паказала яшчэ адзін бок разнастайнага Мінска…

Адкуль жа пачнем? З мемарыяльнай дошкі П.М. Машэраву, але надоўга там не затрымаемся, бо наперадзе чакаюць вулачкі з даволі разнастайнай архітэктурай. Развіццё трамвайна-тралейбуснага руху Менску звязана з тэрыторыяй, дзе скрыжоўваюцца сёння пр. Машэрава з вул. Краснай (Чырвонай). У канцы XIX ст. вырашылі замяніць конку на трамваі, і ў 1913 г. гарадская дума прыняла адпаведны праект. Але пачалася першая сусветная вайна, і будаўніцтва трамвайнай сеткі адклалася да 1925 (першыя трамваі пусцілі ў кастрычніку 1929 г.). Праз нейкі час трамвайны парк пераўтварлі ў тралейбусны.

Чаму ж я карыстаюся назвай Красная замест такой беларускай Чырвоная? Бо назва пайшла праз тое, што была яна надта прыгожай (казалі, чырвонай), і ў дарэвалюцыйным Мінску была з галоўных шляхоў. На гэтай вуліцы пры саветах месцілася пажарная станцыя. А жыллё працоўных − па суседству ў двух “бакавушачках”. Так горад выратоўваўся ад нечаканых палымяных здарэнняў.

Завярнуўшы на Старажоўскую вуліцу (вул. Кісялёва), кідаем вока на будыначкі ўздоўж дарогі. “Сталінскі ампір” прасочваецца навокал, а асобныя будыначкі набылі адметныя элементы ўжо праз нейкі час пасля пабудовы. Даведаліся мы і прызначэнне невялічкіх вежачак канструктывісцкіх забудоў: трэба ж было сачыць за варожымі “хмаркамі” (самалётамі), а радылакацыйнай сістэмы не было... Злучэння з Круглай плошчай (пл. Перамогі) Старажоўская вуліца не мела да вайны, таму пры перанумарацыі дамоў (недзе ў 50-ых) узнікла добрая блытанін.

Як жа не распавесці пра Асмалоўку? Гэта вялікі комплекс пасляваеннай забудовы (1947 – 1948 гг.), які зараз знаходзіцца ў межах вул. Багдановіча, Кісялёва, Камуністычнай. Названы гэты раёнчык у гонар архітэктара М.Асмалоўскага, які стварыў незвычайныя прывабныя малапавярховыя дамкі з асаблівым дэкорам. На жаль, асобныя будынкі знікнуць, ужо выдадзены загад аб зносе… Вельмі заўважна выглядае бровар “Аліварыя” на рагу з вул. Аляксандраўскай ( Траецкай, вул. М. Багдановіча), цівава выглядае спалучэнне забудовы рознага перыяду, хоць і пераважна аднаго стылю. Гісторыя завода бярэ пачатак з 1864 г., але мураваныя будынкі з’явіліся пасля 1894 г. Адным з яго ўладальнікаў быў К.Э. Чапскі, які прадаў бровар братам Лекартам. Архітэктурны комплекс неаднойчы перабудоўваўся і рэстаўраваўся: 1910, 1919, 1939, 1968 гг.

Звярнулі мы ўвагу і на “будачку”, што прыхавалася між дамкоў. Усё проста: савецкія ўлады пры пабудове “забыліся” пакінуць месцы на крамкі і дробныя пабытовыя майстэрні, але што ж рабіць простаму працоўнаму з банальнай праблемай рамонту абутку? Вось і з’явіліся такія дробненькія “кубікі”.

Завіталі мы ў Сцепанаўскі сад (не так і даўно атрымаў такую назву), дзе стаіць помнік Т. Шаўчэнка. Ну і накіраваліся да месца былых Старажоўскіх могілак (XVIII-XX стст.). Зараз аны глыбока ў зямлі пад слоем асфальту…

Пры ўездзе ў горад з боку Старавіленскага і Даўгінаўскага гасцінцаў яшчэ напрыканцы XVIII-пачатку XIX стагоддзя знаходзілася вартаўнічая застава, адгэтуль і назоў раёну «Старажоўка». У 1820 годзе тут, на паўночным ускрайку Менска, былі адчыненыя Старажоўскія могілкі, а ў 1847 годзе пабудаваная мураваная царква ў гонар Святой Марыі Магдаліны. Пасля вайны царква была перабудавана і прыстасавана пад патрэбы Дзяржаўнага архіва. Аднавілі яе ў 1990-я гады. Унтранае (і, безумоўна, знешняе) аздабленне храма зачароўвае. Такое адчуванне, што святыя і анёлы ажылі з іконаў і знаходзяцца тут, побач з вернікамі.

Па Старавіленскаму тракту рушым да канчатковай кропкі нашай экскурсіі: мемарыял воінам Першай сусветнай вайны, створаны ў 2011 г.

Добра пагулялі, адпачылі сэрцам, часам з лёгкім сумам паглядзелі навокал, але дакладна з карысцю правялі час. Крыху складана трымаць у галаве старыя назвы вуліц, асабліва калі гэтыя назвы аддадзены сёння іншым вулачкам Менску. Але пакуль мы ведаем, пакуль памятаем, што адбывалася, ажыццяўлялася, мы можам сказаць: мы – удзячныя нашчадкі. Таму варта памятаць, а часам і дазнавацца, што ж тут было калісці…

Обсуждение

Пока нет комментариев к записи “Старажоўка з Сацукевічам”

Оставить комментарий