У пошуках выхаду з крызісу беларускія ўлады маюць намер пачаць распродаж не толькі прамысловых прадпрыемстваў. На таргі ўжо выстаўлены гістарычныя помнікі. Да канца гэтага тыдня патэнцыйныя пакупнікі могуць падаць дакументы на ўдзел у аўкцыёне па продажы сядзібнага дома графа Патоцкага у Беразіно.

«Заўтра тваёй краіны» высвятліў: якія яшчэ маёнткі беларускай шляхты могуць быць прададзеныя ў бліжэйшы час.

Аўкцыён па продажы былога сядзібнага дома графа Патоцкага прызначаны на 11 кастрычніка бягучага года. Да будынка пабудовы першай паловы XIX стагоддзя, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, прыкладаецца права арэнды на 50 гадоў зямельнага ўчастка плошчай больш за 0,5 га.
Таргі за будынак, які не выкарыстоўваецца, пачнуцца з адной базавай велічыні. Каб адчуць сябе «спадкаемцам» аднаго з самых знакамітых родаў Рэчы Паспалітай, мала набыць само «дваранскае гняздо». Пакупнік павінен будзе ўкласці не менш як 1,1 млн. долараў у стварэнне на базе сядзібы гасцініцы, рэстарана і паляўнічай хаткі, якія ў сваю чаргу прынясуць гораду не менш за 10 дадатковых рабочых месцаў.
Акрамя былой нерухомасці Патоцкага у Мінскай вобласці чакаюць сваіх новых гаспадароў і інвестараў сядзібы і іншых не менш вядомых беларускіх родаў.

Свіран фальварку Радзівілмонты

Клецкія раённыя ўлады шукаюць інвестара ў сядзібна-паркавы комплекс Радзівілмонты, які ўваходзіў у свой час у маяратнае валоданне князёў Радзівілаў. Будынак сядзібы, праўда, моцна выгарэў пасля двух пажараў, якія здарыліся ў 1985 і 1991 гадах. У гэтым жа раёне на таргі збіраюцца выставіць сядзібна-паркавы комплекс «Цясноўка», пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя, а таксама сядзібу Галынка. На руінах Галынкі патэнцыйным пакупнікам прапаноўваецца, у прыватнасці, пабудаваць турыстычны комплекс.
Капыльскія ўлады хочуць знайсці інвестара для былога маёнтка аднаго з

Рэшткі сядзібы Лапухі

самых багатых і вядомых беларускіх памешчыкаў пачатку XX стагоддзя — сядзібы «Лапухі» Эдварда Вайніловіча. Менавіта на сродкі Вайніловіча пабудаваны ў Мінску Касцёл святых Алены і Сымона. Гэты памешчык вядомы збудаваннем шэрагу чыгуначных ліній на поўдні Беларусі і ў цэлым актыўным грамадскім жыццём. Характэрна, што частка сядзібы «Лапухі» ужо мае інвестара ў асобе УП «Прыёрлізінг», якое з'яўляецца даччыным прадпрыемствам «Прыёрбанка». У 2005 годзе гэта прадпрыемства стала ўласнікам мясцовага калгасу, які ператвораны ў філіял «Лакнея». Менавіта «Лакнеі» належыць свіран, фрагменты парку сядзібы «Лапухі», а вось ўязная алея знаходзіцца ва ўласнасці мясцовага сельсавета. Мяркуючы па ўсім, абодвум саўладальнікам спадчыны Вайніловічаў не хапае сродкаў і часу, каб ператварыць гістарычны аб'ект у бізнес-прадпрыемства.
На Капыльшчыне ёсць яшчэ некалькі аб'ектаў, з пункту гледжання мясцовых уладаў, прывабных для інвестараў. У іх ліку рэшткі сядзібы «Макраны» з развалінамі малочнага завода, запушчаным паркам, руінамі капліцы і царквы. Да 1939 года яна належала адной з галін сям'і Вайніловічаў. Яшчэ адзін аб'ект на продаж — фрагмент сядзібы ў вёсцы Бабоўня, якая належала роду Наркевічаў-Ёдкаў.
Вілейскія ўлады гатовыя правесці аўкцыён па продажы рэшткаў сядзібнага комплексу, які належаў яшчэ аднаму вядомаму беларускаму роду — Багдановічаў. Ён знаходзіцца ў вёсцы Стайкі. Слуцкі райвыканкам сярод перспектыўных інвестыцыйных праектаў, прапанаваных інвестарам, нараўне з будаўніцтвам гарналыжнага комплексу гатовы аддаць пад турыстычны аб'ект былую сядзібу Даманскіх.
Улічваючы запушчаны стан большасці былых памешчыцкіх сядзіб, наўрад ці ля мясцовых выканкамаў пачнуць выбудоўвацца доўгія чэргі пакупнікоў. Да таго ж, аб'екты, якія рэканструююцца, вельмі складана зрабіць акупнымі. Тым не менш, у апошнія гады назіраецца цікавасць да такой нерухомасці з боку некаторых беларускіх і расійскіх інвестараў.

Аляксей ТАПОЛЬКА "Заўтра тваёй краіны"

Фатаздымкі: radzima.org


Обсуждение

Пока нет комментариев к записи “Якія гістарычныя помнікі ўлады гатовыя пусціць з малатка?”

Оставить комментарий